IT-педагог

07.10.2019

IT-педагог

Сёння ў кожнай школе напрацоўваецца свой вопыт па ўдасканаленні навучальнага працэсу з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій, а Галіну Адамаўна Стаскевіч, настаўніка інфарматыкі ДУА «Сярэдняя школа №3 г. Івацэвічы», не беспадстаўна можна назваць IT-педагогам. Яе ўрокі любяць дзеці, хаця адзначаюць, што, каб атрымаць «дзявятку» ў Галіны Адамаўны, трэба ого-го колькі матэрыялу перавярнуць і яшчэ падчас урока працаваць. І ўсё гэта ў тэмпе!

У юначай летуценнай галаве Галіны мроілася многа мараў, але лёсам было наканавана стаць ёй настаўнікам. Пачынала сваю працоўную дзейнасць у Руднянскай базавай школе настаўнікам пачатковых класаў пасля заканчэння Пінскага педагагічнага вучылішча, а з часам атрымала дзве вышэйшыя адукацыі. Зараз Галіна Адамаўна – удумлівы педагог-практык і настаўнік-метадыст.

Своечасова заўважыўшы, што сучаснае пакаленне не ўяўляе свайго жыцця без інтэрнэту, але выкарыстоўвае яго далёка не ў адукацыйных мэтах, скарысталася па поўнай унікальным шанцам – выкарыстоўваць тое, што цікава маладому пакаленню. І адукацыйны працэс пачаў пераносіцца часткова ў электроннае асяроддзе. Настаўнік інфарматыкі прынялася ствараць уласны вучэбны рэсурс (блог), які б адпавядаў вучэбнай праграме па інфарматыцы для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. І ў яе атрымалася. Упершыню вопыт работы Галіны Стаскевіч па выкарыстанні матэрыялаў блога быў прадстаўлены на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Дарожная карта інфарматызацыі: ад мэты да рэзультату» ў лістападзе 2014 года. У маі 2015 года яе праект стаў фіналістам Х рэспубліканскага конкурсу «Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт». Праз год з матэрыяламі па стварэнні і выкарыстанні вучэбна-трэніровачных заданняў для ўрокаў інфарматыкі яна прымала ўдзел у рэспубліканскім інтэрнэт-праекце «ІТ-рашэнні для адукацыі будучага». Вынік – узнагароджана Дыпломам ІІ ступені ў намінацыі «ІТ-педагог». Яе вопыт работы абагульняецца і ў рэспубліканскай прэсе, з’яўляецца шэраг навуковых і публіцыстычных артыкулаў. У красавіку бягучага года рэсурс да ўрокаў інфарматыкі стаў лаўрэатам рэспубліканскага конкурсу па інфармацыйных тэхналогіях «ТИБО-2019», дзе адзначаны Дыпломам ІІ ступені ў намі- нацыі «Адукацыя і навука».

– Галіна Адамаўна, што дае для настаўніка стварэнне асабістага блога?

– Гэта магчымасць размяшчэння вучэбнай інфармацыі ў дапаўненне да падручніка, да прыкладу, займальных практыкаванняў, вучэбна-трэніровачных і тэставых заданняў… Увесь арсенал блога даступны для вучняў для самастойнай работы, не толькі на ўроках, а і дома.

– У той жа час, якімі б методыкамі не валодаў сучасны педагог, яго можа чакаць правал на ўроку, калі ён не разбудзіць цікавасць да прадмета ў вучняў…

– Як абвяшчае старажытная мудрасць: можна прывесці каня да вадапою, але заставіць яго напіцца – нельга. Так, можна пасадзіць дзяцей за парты, дабіцца ідэальнай дысцыпліны, але без абуджэння цікавасці, без унутранай матывацыі засваення ведаў не атрымаецца. А для з’яўлення ўнутраных заахвочванняў да вучобы неабходна найперш стварыць умовы. Таму лічу, што выкарыстанне педагогамі персанальных блогаў, сеткавых адукацыйных рэсурсаў – адно з эфектыўных сродкаў павышэння матывацыі вучэбнай дзейнасці. Распрацаваная мною сістэма заданняў дапамагае вучням прайсці шлях ад простай цікаўнасці да ўстойлівага інтарэсу.

– Вы карыстаецеся блогам на кожным уроку?

– На кожным уроку нерэальна, ды і не патрэбна. Яго прымяненне павінна быць умелым. На якім этапе ўплесці заданні блога ў канву ўрока, залежыць ад многіх фактараў. Таму, будзе гэта этап праверкі дамашняга задання ці пярвічнай дыягностыкі, замацавання вывучанага ці для стварэння праблемнай сітуацыі, педагог вырашае сам. Я кіруюся тым, што адной з мэт базавага курса інфарматыкі з’яўляецца развіццё алгарытмічнага стылю мыслення, фарміраванне ўменняў рашаць задачы, якія патрабуюць складання плана дзеянняў для дасягнення жадаемага выніку, з выкарыстаннем разумовых аперацый.

– Каб зацікавіць дзяцей і весці іх за сабой, трэба і самому развівацца…

– Так. Летась я скончыла анлайн-курс «Scratch для пачынаючых» у рамках адукацыйнага праекта «Праграмаванне – другая граматнасць» і анлайн-курс «Прагра- маванне на Scratch: базавы ўзровень». Ат- рымала сертыфікаты адукацыйнага цэнтра Парка высокіх тэхналогій.

– Каму з настаўнікаў асабіста Вы ўдзячны ў сваім жыцці?

– Надзея Трафімаўна Роля, Антаніна Антонаўна Татарэвіч і Ніна Дзмітрыеўна Палячок – гэта мае настаўнікі, мае школьныя багі. Вельмі ўдзячна ім і заўсёды ўспамінаю іх з цеплынёю ў сэрцы. Яны не шкадавалі сваіх ведаў, падказвалі, раілі. Дабрабыту ім і іх сем’ям. Сёння стараюся вучыць дзяцей так, як вучылі калісь мяне мае настаўнікі.

Падрыхтавала Валянціна Бобрык, фота Валерыя Міскевіча.