Спяшайцеся з паэтам сустрэцца…

21.04.2022

Спяшайцеся з паэтам сустрэцца…

 У канцы студзеня 2022 г.  адзначыў сваё 75-годдзе  наш зямляк

Віктар Рэчыц, паэт-гумарыст, журналіст, член Саюза пісьменнікаў Беларусі.

 З нагоды юбілею 20 красавіка ў Івацэвіцкай раённай бібліятэцы імя  П. Пестрака  была арганізавана сустрэча з паэтам, на якой прысутнічалі і вучні 10 "А" класа нашай школы . Падчас сустрэчы школьнікі з захапленнем слухалі сатырычныя вершы і байкі Віктара Рэчыца, аповед самога паэта пра жыццё  і літаратурную дзейнасць, пра захапленні  гармонікам, пра творчыя набыткі. А гэта восем гумарыстычных кніг, апошняя – “Форс-мажор” выйшла ў 2021 г. На гэтым мастак слова не збіраецца спыняцца, а ўжо працуе - як прызнаўся сам паэт -  над стварэннем дзявятай кнігі.

Віктар Трафімавіч часта друкуецца ў нашай раённай газеце “Івацэвіцкі веснік”, дзе некалі пачынаў сваю сваю журналісцкую і літаратурную дзейнасць (толькі раней газета называлася “Кастрычнік”).  Пры рэдакцыі райгазеты разам з іншымі супрацоўнікамі стварыў некалі літаратурнае аб’яднанне “Узлёт”. Усё жыццё працаваў у раёнцы (амаль 40 гадоў), мае шмат публікацый у часопісе “Вожык”, з’яўляецца яго даўнім аўтарам і шчырым прыхільнікам.

 У 2011 годзе Віктар Рэчыц  быў дэлегатам другога з’езда  пісьменнікаў Беларусі. У 2012 годзе Віктар Трафімавіч стаў пераможцам конкурсу, прысвечанага 70-годдзю часопіса “Вожык” у намінацыі “Літаратурны конкурс”.

Сустрэча з паэтам прайшла ў цёплай атмасферы. Вучні пакідалі чытальную залу бібліятэкі з добрым настроем і з усмешкамі на тварах. Паэзія Віктара Трафімавіча закранула дзіцячыя душы.

 Паляшчук Г.А.,

  настаўнік беларускай мовы і літаратуры