О нас пишут

02.10.2022

Дырэктар СШ № 3 г. Івацэвічы Алег Аляксеевіч Кузьмін – прадстаўнік сямейнай настаўніцкай дынастыі, агульны стаж якой пад 300 гадоў, лічыць гэта найбольш важным.

Дасканалы настаўнік той, які спалучае ў сабе любоў да прафесіі і да вучняў. Здаецца, інтэлігентнаму, разумнаму і заўсёды падцягнутаму Алегу Аляксеевічу Кузьміну гэта даецца з лёгкасцю, як і, прынамсі, кіраваць калектывам педагогаў і школьнікаў СШ № 3
г. Івацэвічы, быць вядучым стратэгам, наватарам і іншы раз першапраходцам. У школе створана сапраўдная творчая атмасфера, а самае галоўнае, тут імкнуцца дастукацца да кожнага вучня і ставяць задачу не толькі вучыць, а і фарміраваць у вучня стрыжань, каб ён у дарослым жыцці заставаўся моцным, самастойным і імкнуўся быць чалавекам з вялікай літары.

«Калі бацькі – настаўнікі, гэта адказна

Дынастыя педагогаў Кузьміных пачынаецца з бацькоў Алега Аляксеевіча: Аляксея Іванавіча – настаўніка хіміі і біялогіі, і мамы Людмілы Леанідаўны – настаўніка рускай мовы і літаратуры. Па матчынай лініі – дзядзька Анатоль Леанідавіч Сяліцкі, яго жонка і дачка – педагогі, цёткі – выхавацель і настаўнік пачатковых класаў, матчыны цёткі – настаўніцы пачатковых класаў і рускай мовы і літаратуры; па бацькоўскай – дзядзька Віктар Васільевіч Кузьмін працаваў дырэктарам у Малечскай СШ. Родная сястра Алега Кузьміна – Вольга Аляксееўна – настаўнік англійскай мовы ў СШ № 4 г. Івацэвічы. Дарэчы, у настаўніцкай дынастыі Кузьміных праглядваецца яшчэ і дырэктарская дынастыя: бацька Аляксей Іванавіч працаваў дырэктарам Гічыцкай базавай школы і завучам Яглевіцкай СШ, маці таксама працавала завучам і дырэктарам той жа Гічыцкай базавай школы і завучам у Яглевіцкай СШ, сам Алег Аляксеевіч з амаль 30 сваіх настаўніцкіх гадоў дырэктарствуе 15, з іх пяць – у Яглевіцкай і 10 – у СШ № 3 г. Івацэвічы.

Бацькі Алега Аляксеевіча сёлета 1 студзеня справілі залатое вяселле. Успамінаючы сваё дзяцінства, Алег Кузьмін заўважыў: «Калі бацькі – настаўнікі, гэта вельмі адказна. Нас у класе было восем чалавек, розных, як у любым класе. Шчыра скажу, я не меў права прыйсці на ўрок у родную Гічыцкую школу непадрыхтаваным. І для ўсіх астатніх аднакласнікаў было немагчымым, каб я, дырэктарскі сын, чагосьці не вывучыў. З аднаго боку, гэта накладвала пэўны абавязак – ты рыхтуешся да кожнага ўрока, а з другога, я любіў вучыцца, мне лёгка даваліся прадметы. Словы вялікай падзякі ўсім маім настаўнікам, якія ўкладвалі сваю душу ў дзіцячыя душы, і светлая памяць тым настаўнікам, хто ўжо пакінуў нас».

Мары і першыя крокі ў прафесію

Як і ўсе вясковыя хлопчыкі, Алег Аляксеевіч марыў навучыцца вадзіць аўтамабіль, а яшчэ стаць ваенным. Але яму было суджана стаць настаўнікам, і першыя крокі ў прафесію настаўніка адбыліся яшчэ ў Гічыцкай базавай школе.

– Нашым класным кіраўніком я быў назначаны арганізатарам спраў па дапамозе ў вучобе, – успамінае ён. – Класны кіраўнік, які даў мне такое даручэнне, разумеў так маю ролю: я павінен аднакласнікам тлумачыць незразумелыя тэмы, дапамагаць разабрацца ў рашэнні задач. Аднакласнікі ж разумелі прасцей: ты рашыў задачу, значыць, дай нам спісаць. Я прапаноўваў растлумачваць, і мы для гэтага збіраліся ў кагосьці з аднакласнікаў пасля ўрокаў дома.

Пасля заканчэння Гічыцкай базавай школы Алег Кузьмін вырашыў паступаць у Баранавіцкае педвучылішча. Гэта на той час быў флагман у педадукацыі. Паступіў, а пасля заканчэння падаў дакументы ў інстытут на географа. Вучоба была цікавай, практыкі праходзілі ў экспедыцыях па гарах і марах… Але конкурс у той год зашкальваў, і дзве чацвёркі на ўступных экзаменах вочную вучобу перакрэслілі, а завочная нават не разглядалася.

Юнак аднёсся да няўдачы па-філасофску і пайшоў у армію. Служыць трапіў у медроту ў Печы. І хоць ваенная часць «славілася» сваёй строгасцю, яму было там камфортна. «Я быў гатовы да цяжкасцей, – успамінае Алег Аляксеевіч. – Дзяцінства любога сельскага дзіцяці было якое? Бульба, агарод, сена, рыбалка – словам, пастаянна ў рабоце. Калі параўнаць службу ў арміі і жыццё ў вёсцы, то служба ў арміі, на мой погляд, – гэта адпачынак. Бегаць, скакаць, страявым крокам маршыраваць, выконваць іншыя фізічныя практыкаванні – у радасць, мы ж маладыя хлопцы…»

Праз два месяцы службы ад камандавання паступіла прапанова паступаць у Піцерскую ваенна-медыцынскую акадэмію. Кузьмін загарэўся, мара ажыла. «Нас было на пачатковым этапе дзесьці 20 хлопцаў. Пасля адбору медкамісіі засталося менш дзясятка. Сабралі нашы дакументы і сказалі: «Чакайце…» Час ішоў, ужо лета настала, а ціш… І тут па радыё чую, што з гэтага года Расійская Федэрацыя не будзе набіраць абітурыентаў з Беларусі. Стала ўсё зразумела, але шкадаваць не было часу – армія».

З цягам часу ён упэўніўся, што нічога проста так у нашым жыцці не адбываецца. Пасля арміі, а гэта былі 1993–1994 гады, Алег Аляксеевіч пайшоў працаваць у Стайкаўскую СШ. Бацькі настойвалі, каб сын паступаў на вочнае, але ён сядзець на шыі бацькоў яшчэ пяць гадоў не збіраўся і паступіў на завочнае на філфак. І не пашкадаваў.

– Калі паступіў, у Яглевіцкай СШ вызвалілася паўстаўкі настаўніка беларускай мовы і літаратуры, і я перайшоў у Яглевічы, – расказвае Алег Аляксеевіч. – З наступнага года мяне «ўзнагародзілі» класным кіраўніцтвам. Мне падабаліся велапаходы, а дзеці прасіліся ў Макдональдс. Тады я казаў, добра, толькі адкажыце, што такое Хаваншчына і дзе яна знаходзіцца, і што такое Марачоўшчына і дзе яна? Не ведаеце? Паедзем, пакажу, а тады – куды заўгодна. Селі на веласіпеды і паехалі на Хаваншчыну. Пасля Ёлак там не дарога, а суцэльныя пяскі. Цяжка даросламу, а не тое, што дзіцяці.

Са слязьмі на вачах, з пылам на зубах, але не было ні адной прапановы вярнуцца. І параўнайце. Едзем на Хаваншчыну з гарадскімі дзецьмі. Па асфальце даехалі да Зыбайлаў і ўсё – мы стаміліся, вяртаемся назад… Ледзь угаварыў ехаць далей. Дарэчы, мяне папярэджвалі, што гэта ж гарадскія дзеці, не сельскія, а я не мог паверыць. Мне здавалася, якая розніца, дзе яны гойсаюць на веліках, у горадзе ці ў вёсцы? Цяпер разумею, што розніца ёсць.

Творчая педагагічная біяграфія Кузьміна пачыналася побач з Яўгенам Пішчавым, які працаваў на той час у Яглевічах. Увага маладога і актыўнага педагога была засяроджана ў наступныя гады мэтанакіраванай работай па спецыяльнасці, павышэннем кваліфікацыі, пазакласнай работай з дзецьмі…

«Будаваць храм у душах дзяцей»

У 2007 годзе Алегу Кузьміну было прапанавана ўзначаліць Яглевіцкую сярэднюю школу.
– Звычайна дырэктараў прадстаўляюць на педсавеце, а мне сказалі, а што цябе прадстаўляць, цябе і так усе ведаюць. Бяры ключы ды асвойвайся ў кабінеце, – успамінае Алег Аляксеевіч. – І я пачаў кіраваць. Мне заўсёды было цікава штосьці новае, не проста, каб ішоў вучэбны працэс, а каб ён быў напоўнены звыш і шырэй. Мае велапаходы падхапіў Аляксандр Сямёнавіч Ягнешык – добра, але гэтага мала. І тут у 2008 годзе адкрываецца праваслаўны прыход у Яглевічах. Прыходзіць айцец Віталій, прапаноўвае факультатыў, пра які я паняцця не маю, але разумею, што гэта вартая справа.

На той час факультатывы па праваслаўнай культуры быццам бы ніхто і не забараняў, але літаратуры адпаведнай не было, як ажыццявіць гэта, ніхто не ведаў. Праз некалькі тыдняў знайшоў праграму для пачатковай школы, пытаюся ў бацюшкі, што, можа, не вельмі правільна, у вёсцы ж храма няма, але айцец Віталій сказаў, што храм абавязкова будзе, а пакуль будзем будаваць храм у душах дзяцей.
Факультатыў у першакласнікаў вяла Раіса Анатольеўна Пякарская, у пяцікласнікаў – Васіль Васільевіч Пякарскі, у шасцікласнікаў – Алена Уладзіміраўна Ягнешык. За чатыры наступныя гады выбудавалі праграму так, што практычна ў кожным класе выкладаліся асновы праваслаўнай культуры.

Падабалася дзецям, падабалася педагогам. На той час такога вопыту ў раёне нідзе больш не было, і кіраўнік школы з дружным калектывам вырашылі трансліраваць далей свае пачынанні: правялі раённы семінар і пазнаёмілі намеснікаў дырэктараў па выхаваўчай рабоце школ раёна са сваім вопытам работы.
Сёння ўжо былыя вучні Яглевіцкай СШ прыводзяць у храм сваіх дзетак. Значыць, пасеяны добрыя зярняты.

Духоўнасць – гэта цяжка…

Дырэктар – гэта найперш стратэг. У сакавіку 2012 года Алег Аляксеевіч Кузьмін узначаліў СШ № 3 г. Івацэвічы. На той час у Яглевіцкай школе было 180 вучняў і дзясяткі два настаўнікаў, а ў гарадской адных педагогаў больш за сотню, а дзяцей пад 900 – маштабы ў разы большыя. Тым не менш, Алег Аляксеевіч настройваўся і тут працаваць па асновах праваслаўя, разумеў, што важна ў такім кірунку выхоўваць у дзецях разуменне сваёй важнасці, дабрыні і любові ў сабе. Але…

– Не так проста аказалася падабраць педагогаў. Два чалавекі адправілі нават на платныя курсы, айцец Грыгорый аплаціў, а яны вярнуліся і ні ў якую – мы весці не будзем, – расказвае Алег Аляксеевіч. – Як не будзем? Вы ж на курсы ездзілі. А яны кажуць: «дзякуй, што мы паехалі на курсы, каб не паехалі, мы б такіх дроў наламалі. Гэта надзвычай адказна, мы не зможам». Даручыў іншым педагогам, каб у шасці першых-другіх класах факультатыў па асновах праваслаўнай культуры быў, а праз паўгода і яны – мы не будзем, цяжка. Неяк год дацягнулі…

Але факультатыву лёс быў быць. З дэкрэтнага водпуску выйшла тады Вольга Уладзіміраўна Кацкель, яна згадзілася на прапанову дырэктара і пачала весці факультатыў у 1 і 2-х класах. І пайшоў мэтанакіраваны рух. Памятаюцца першыя Калядныя сустрэчы, на якія былі запрошаны дзеці з усіх прыходаў. І хоць мерапрыемства атрымалася трохі зацягнутым, усе былі задаволеныя і натхнёныя. Праз некаторы час ладзілі сустрэчы са святарамі ў актавай зале, праводзілі мерапрыемствы да іншых праваслаўных святаў, а потым выйшлі на сцэну Івацэвіцкага ГДК з сапраўднымі спектаклямі, падрыхтаванымі на высокім узроўні. На гэтай хвалі ў 2016 годзе школе прапануюць інавацыю на рэспубліканскім узроўні ў духоўна-маральным кірунку. Школа толькі дадала аспект – у супрацоўніцтве з праваслаўнай царквой.

– Тры гады праляцелі як адзін дзень, – зазначае дырэктар школы. – Але гэта былі вельмі творчыя гады, вельмі значымыя ў пошуку той жа ісціны, якую ўвесь час трэба шукаць. У выніку мы зрабілі калі не эталон, то знакавы прадукт. У акадэміі паслядыпломнай адукацыі ён застаецца ўзорным для пераймання. Работы нашых педагогаў: Вольгі Уладзіміраўны Кацкель, Ірыны Віктараўны Туркіневіч, Людмілы Уладзіміраўны Корзы, Алены Васільеўны Валоскай увайшлі ў падручнік-дапаможнік для настаўнікаў краіны «Духоўнасць і патрыятызм». Наш кіраўнік праекта Таццяна Фадзееўна Пашковіч прапанавала нам зноў новы праект, будзем рухацца ўглыб і ў шырыню.

Трэба адзначыць, што школа рухаецца не толькі ў духоўна-маральным кірунку. Першыя прававыя класы былі адкрыты ў СШ № 3 г. Івацэвічы. Тут працуюць над праектамі экалагічнай накіраванасці, 8 гадоў прайшло, як аднавілася работа школьнага лясніцтва, адкрыты два класы юных лесаводаў. Прычым, кірунак дзейнічае не дзеля кірунка, каб птушачкай адзначыць, што мы працуем, а каб прыносіць задавальненне настаўніку, які працуе з дзецьмі, і плён для дзяцей, плюс дадатковы бонус пры паступленні. А самае галоўнае – такая накіраванасць спрыяе выхаванню ў дзецях станоўчых якасцей: дабрыні, грамадзянскасці, патрыятызму, любові да навакольнага асяроддзя і Радзімы.

…Настаўніцкая дынастыя – з’ява каштоўная і невытлумачальная. Прафесія педагога стала жыццём некалькіх пакаленняў роду Кузьміных і ўмацавала сям’ю, якая стала прыкладам для нашчадкаў. Сёння Алег Аляксеевіч – энергічны, з актыўнай жыццёвай пазіцыяй дырэктар, які ведае сваю справу. У скарбонцы яго ўзнагарод – як граматы па лініі адукацыі, так і Беларускага Экзархата. Ён – кіруючая і накіроўваючая сіла педагагічнага калектыву школы, любячы і ўважлівы бацька і муж. І з усімі цяжкасцямі ён спраўляецца, бо побач падтрымка і апора – сям’я.

«Мае дзевяцікласнікі, мае бацькі і мае калегі ў Яглевіцкай СШ (2001 год)», –
так ахарактарызаваў гэты здымак Алег Кузьмін.

Дырэктару важна мець

Стратэгічнае мысленне і здольнасць браць на сябе адказнасць.
– Трэба мець смеласць прымаць рашэнні і адказваць за іх. Але ў той жа час патрэбна ўзважанасць кожнага дзеяння, ніякай імпульсіўнасці. Стараюся ніколі не прымаць рашэнні, якія тычацца інтарэсаў многіх людзей, у адзіночку. Патрэбны шматстаронні погляд на пытанне. Таму неабходна мець сваю каманду, у якой усе адчуваюць сябе раўнапраўна.

Камунікабельнасць і веданне псіхалогіі.
– Безумоўна, дырэктар павінен быць добрым псіхолагам, майстрам камунікацыі, прафесіяналам у розных галінах, але найперш – чалавекам.

Любоў да дзяцей.
– Дзеці вельмі добра адчуваюць дарослых і заўсёды разумеюць фальш. Добры настаўнік той, які не толькі дае веды, а і знаходзіць падыход да кожнага з 30 дзяцей у класе. Гэта, можа, складана, але магчыма. У любым класе ёсць і выдатнікі, і харашысты, і ціхія троечнікі. Гэта ж не кляймо, калі троечнік, можа ён і не хоча ведаць больш, але настаўнік-майстар і такога можа «запаліць» так, што сам той вучань будзе задаволены. Раўнадушша ж да дзіцячых праблем – самае няправільнае, што можа быць у школе.

Паважлівыя і беражлівыя адносіны да людзей.
– Чалавечы рэсурс – самы каштоўны ў адукацыі. Але выдатны, моцны педагог, як правіла, – асоба складаная, шматгранная, а інакш і быць не павінна, і таму кіраваць педагагічным калектывам асабліва цяжка. Важна бачыць у кожным яго моцны бок, падтрымаць, накіраваць. Настаўнік павінен адчуваць сваю значымасць, сваю каштоўнасць.

Захопленасць.
– Дырэктар – гэта не пасада, гэта стан жыцця. Работа, якая не пакідае цябе ні днём, ні ноччу, таму трэба быць вельмі захопленым у сваёй прафесіі чалавекам, інакш гэта будзе
ўспрымацца як цяжкая ноша. І вельмі важна падтрымка сям’і, калег. Стараюся па-добраму. Зло нараджае новае зло, гэта даўно правераная ісціна. Мне хочацца, каб асновы праваслаўнай культуры давалі цвёрды стрыжань кожнаму дзіцяці. Каб іх не хісталі цяжкасці. Няважна, кім стане вучань па прафесіі, важна, каб чалавекам заставаўся. Мы закладваем такія азы.

Валянціна БОБРЫК. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА і з архіва сям’і Кузьміных.