Наш гонар і наша спадчына

17.02.2023

Наш гонар і наша спадчына

Івацэвіччына… На нашай зямлі нарадзіліся пісьменнікі, творчасць якіх стала класікай беларускай літаратуры. Гэта Яраслаў Пархута, Піліп Пястрак, Сцяпан Крываль, Мікола Купрэеў… Сярод знакамітых землякоў імя Алеся Зайкі займае сваё непаўторнае месца. Гэта чалавек, які быў улюбёны ў родную зямлю і шмат падарожнічаў па сваім краі, сустракаўся з рознымі людзьмі і запісваў цікавыя аповеды, якія потым станавіліся матэрыялам для яго кніг.

На гэтым тыдні ў школьнай бібліятэцы працуе выстава, прысвечаная пісьменнікам Івацэвіцкага раёна. Настаўнікі і вучні  могуць дакрануцца душой да творчасці нашых таленавітых землякоў, спазнаць прыгажосць мастацкага слова.

 

 

 

 

Зайкаўскія чытанні”

“Зайкаўскія чытанні” – пад такой назвай прайшоў у школе 15 лютага конкурс чытальнікаў сярод вучняў 9-11 кл. Гучалі вершы паэтаў –землякоў пра родную мову, пра шчасце, пра прыгажосць беларускіх краявідаў, пра вайну. Прыгожае мастацкае слова захапіла ўсіх прысутных.  

 

“Я прарасту любоўю да радзімы”

“Я прарасту любоўю да Радзімы” – пад такой назвай для настаўнікаў-філолагаў была праведзена 16 лютага віртуальная экскурсія на радзіму Алеся Зайкі, педагога, пісьменніка, краязнаўца, этнографа, незвычайнага рупліўца і нястомнага збіральніка самабытнай народнай лексікі Косаўшчыны. Правяла экскурсію Шыманчык Г. М., настаўнік беларускай мовы і літаратуры.

Падчас цікавага падарожжа педагогі даведаліся, дзе нарадзіўся, жыў і працаваў Алесь Фаміч Зайка, хто ўплываў на фарміраванне светапогляду будучага пісьменніка, як ствараліся яго кнігі. Асаблівая ўвага была звернута настаўнікамі на кнігу Алеся Зайкі “Чысты чацвер”, якая вызначаецца тонкім лірызмам і народным гумарам. Гучалі  апавяданні, абразкі, лірычныя мініяцюры і замалёўкі  пісьменніка.

Завяршылася экскурсія абмеркаваннем настаўнікамі творчай спадчыны пісьменніка, яго багатага таленту і самабытнага слова.

Знаёмцеся з творчасцю Алеся Зайкі

Падчас тыдня, прысвечанага творчасці Алеся Зайкі, 17 лютага з вучнямі 10 класа была праведзена чытацкая канферэнцыя па кнізе Алеся Зайкі “Дым  з коміна”.  Вучні пазнаёміліся са зместам, праблематыкай і вобразамі абразкоў, прачыталі асобныя мініяцюры.