О нас пишут. «Настаўніцкая газета»

17.03.2023

Чарговы дадатак «Школа кіравання» выйшаў 17 сакавіка ў «Настаўніцкай газеце».

ПОДРОБНЕЕ В ГАЗЕТЕ

Дырэктар сярэдняй школы №3 Івацэвіч – пра лінейнае і функцыянальнае кіраванне адукацыйным працэсам.

 

Канцэпцыя сярэдняй школы № 3 Івацэвіч — у стварэнні магчымасцей для развіцця і сацыялізацыі кожнага вучня. Ні дырэктара, ні педагогаў не спыняе лічба 1074. Менавіта столькі хлопчыкаў і дзяўчынак вучыцца ва ўстанове. І ў школе ідуць насустрач кожнаму дзіцяці. Пра лінейнае і функцыянальнае кіраванне адукацыйным працэсам карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» расказвае дырэктар Алег Кузьмін.

— Алег Аляксеевіч, вы сапраўдны дырэктар-інаватар, бо ўсе гады сваёй кіраўнічай дзейнасці ствараеце, спрабуеце, асвойваеце і распаўсюджваеце новаўвядзенні. З чаго ўсё пачыналася? 

— Напэўна, з Яглевіцкай сярэдняй школы, куды я прыйшоў працаваць пасля вучобы ў Баранавіцкім педагагічным вучылішчы, работы настаўнікам пачатковых класаў у раёне, службы ў арміі, атрымання вышэйшай адукацыі. Пасля 13 гадоў працы настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў Яглевіцкай школе ў 2007 го­дзе мяне прызначылі яе дырэктарам. Мне заўсёды хацелася крочыць наперад, а інавацыя — гэта развіццё ўсёй школы, таму інавацыйныя праекты — пастаянныя спадарожнікі маёй прафесійнай дзейнасці.

Дарэчы, менавіта ў Яглевічах пачаўся мой галоўны праект — па духоўна-маральным выхаванні школьнікаў. Прапанова арганізаваць факультатыў па асновах праваслаўнай культуры паступіла ад мясцовага святара айца Віталія. Але перш чым распачаць яе рэалізацыю, я паехаў на курсы ў Мінск, каб зразумець метадалогію ўкаранення новага напрамку. Пасля разам з калегамі ўзялі на ўзбраенне праграму, распрацаваную Мінадукацыі, і пачалі працаваць.

 Пачыналі з пачатковай школы, затым падключыліся старэйшыя дзеці. Было няпроста, але мы справіліся. Прывіццё традыцыйных хрысціянскіх каштоўнасцей праз асветніцкія, выхаваўчыя  і культурныя мерапрыемствы добра ўспрымалася і дзецьмі, і бацькамі.

У 3-ю школу Івацэвіч я прыйшоў працаваць у 2012 годзе, зноў-такі дырэктарам. Канечне, школа мела свае здабыткі і традыцыі, але і тут, будучы ў няспынным пошуку, мы з калегамі здолелі запусціць некалькі інавацыйных праектаў, уключыцца ў эксперыментальную дзейнасць.

— І на сённяшні дзень у вашай школе дзейнічаюць…

— Мы працуем у межах інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі семантызацыі духоўна-маральных паняццяў і катэгорый на аснове традыцыйных каштоўнасцей беларускага народа”. У праекце мы з 2021 года і займаемся распрацоўкай арга­нізацыйна-метадычных мерапрыемстваў даследчага і творчага характару, якія спрыяюць развіццю і педагогаў, і вучняў. Наладжваем сувязі з прадстаўнікамі Беларускай Праваслаўнай Царквы і сацыяльнымі партнёрамі для рэалізацыі адукацыйных, педагагічных і сацыяльна-педагагічных праектаў. Ствараем метадычныя і дыдактычныя матэрыялы. Напрацоўкі нашых педагогаў былі выкарыстаны пры стварэнні дапаможнікаў для факультатыўных заняткаў “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму”. Калі гаварыць пра ўдзель­нікаў інавацыйнага праекта, то сярод іх, зразумела, настаўнікі і вучні трох ступеней адукацыі. Усе яны — актыўныя ўдзельнікі самых розных мерапрыемстваў і свят: калядных сустрэч, канферэнцый, педагагічных чытанняў, дыялогавых пляцовак. Акрамя таго, на базе нашай школы дзейнічае рэсурсны цэнтр па духоўна-маральным выхаванні на праваслаўных традыцыях беларускага народа.

Школа працуе ў межах інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі семантызацыі духоўна-маральных паняццяў і катэгорый на аснове традыцыйных каштоўнасцей беларускага народа”. Наладжваюцца сувязі з прадстаўнікамі Беларускай Праваслаўнай Царквы і сацыяльнымі партнёрамі для рэалізацыі адукацыйных, педагагічных і сацыяльна-педагагічных праектаў.

З гэтага навучальнага года мы ўключыліся ў праект па апрабацыі эксперыментальнай вучэбнай праграмы па прадмеце “Фізічная культура і здароўе” з варыятыўным кампанентам “Хакей” для 1—3 класаў. Акрамя таго, у пачатку навучальнага  года стварылі школьную службу медыяцыі. Наш педагог-псіхолаг актыўна ўключылася ў развіццё службы. Прынамсі, васьмікласнікі ўжо даволі прафесійна дапамагаюць вырашаць канфлікты ў пачатковай школе.

У нас ёсць класы прававой накіраванасці. Гэты напрамак мы рэалізуем з 2013 года. Дзейнасць гэтых класаў заснавана на выхаваўчай рабоце, якая накіравана на фарміраванне ў дзяцей прававых кампетэнцый, пачуцця патрыятызму, любові да роднага краю, павагі да гістарычнага мінулага. Мы цесна супрацоўнічаем з Івацэвіцкім РАУС, прадстаўнікі якога — частыя госці ў нашай школе. Практыка паказала, што вучні гэтых класаў атрымліваюць добрыя прававыя веды, што спрыяе адсутнасці правапарушэнняў, прымаюць удзел, прычым даволі паспяхова, у рэспубліканскай прававой алімпіядзе “Феміда”, вядуць здаровы лад жыцця. Творчыя, ініцыятыўныя, з актыўнай грамадзянскай пазі­цыяй. Некаторыя выпускнікі працу­юць у мі­ліцыі.

У 2014 годзе мы арганізавалі школьнае лясніцтва “Зялёны квартал”, якое паспяхова дзейнічае па гэты дзень. Мы цесна супрацоўнічаем з мясцовай лясной гаспадаркай, якая заўсёды адкрыта нашым ідэям і  прапановам. Школьнае лясніцтва — гэта не толькі пашырэнне ведаў па біялогіі і экалогіі, арганізацыя даследчай дзейнасці, але і выдатная прафарыентацыя. Дзеці ахвотна становяцца юнымі лесаводамі. Іх абсалютна не пужае фізічная праца: у лясніцтве яны і дрэвы садзяць, і прыбіраюць ад бытавога смецця лясныя тэрыторыі, і працуюць у дэндрапарку і на экалагічнай сцежцы. Усё гэта фарміруе ў іх адказнасць, самастой­насць і экалагічную культуру.

— Рыхтуючыся да інтэрв’ю, даведалася, што і бізнес-кампанія ў вас ёсць, і валанцёрскі рух развіваецца, і будучым журналістам ёсць дзе разгарнуцца.

— Так. Мы імкнёмся задаваль­няць патрэбы кожнага дзіцяці. Школьная бізнес-кампанія — добры практы­кум для маладых людзей, якія могуць стац­ь вытворцамі, прадаўцамі, работадаўцамі, інвестарамі. Акрамя таго, усе мы — спажыўцы, што таксама патрабуе пэўных ведаў і навыкаў. Наша школьная бізнес-кампанія “Вернісаж” праводзіць даследаванні рынку тавараў, якія вырабляюцца, і паслуг, якія аказваюцца школьнай кампаніяй. Дзеці рыхтуюць справаздачныя і фінансавыя дакументы, удзельнічаюць у кірмашах, злётах, форумах і алімпіядах. Займаюцца вырабам тэматычных магнітаў, закладак-падказак па вучэбных прадметах, бракеражных журналаў для сталовай, нумаркоў для гардэробаў. Прымаем заяўкі на друкаваную прадукцыю: настольныя і кішэнныя календары, бэйджы для настаўнікаў і навучэнцаў нашай школы, візітоўкі і бэйджы для індывідуальных прадпрымальнікаў Івацэвіцкага раёна. Удзель­нічаем у дабрачынных кірмашах, алімпіядзе па фінансавай дасведчанасці.

Валанцёрскі атрад “ПраДабро” займаецца дапамогай адзінокім пенсіянерам, патраніруе ЦКРНіР. Цудоўна, што маладыя хлопцы і дзяўчаты вучацца дабру і міласэр­насці. А для рэалізацыі амбіцый будучых журналістаў у нас ёсць школьная газета “Перапынак”, тэлебачанне “Стоп-кадр” і радыё “Хваля”. Зусім нядаўна стартавала новая праграма пад назвай “Хвіліна славы”. Гэта спецыяльныя выпускі праграм, якія знаёмяць з таленавітай, актыўнай і адоранай моладдзю нашай школы. І такіх у нас хапае.

 

Яшчэ ў нас ёсць творчы кірунак, які з’яўляецца традыцыйным для школы. Дзеці малююць у межах факультатыўных заняткаў. І заўсёды ёсць тыя, хто сваю прафесійную дзейнасць звязвае з мастацкай творчасцю. Таксама працуе музей гісторыі школы і гісторыі адукацыі раёна.

— Ваша школа сапраўды працуе для кожнага дзіцяці, бо розныя віды дзейнасці арганічна спалучаюцца ў адзінай адукацыйнай прасторы, дзе кожны знахо­дзіць сваю нішу.

— І мы ганарымся кожным поспехам або перамогай. Асаблівая гордасць — наш выпускнік Станіслаў Ратахін, які атрымаў залаты медаль з сярэднім балам 10, а затым здолеў набраць па 100 балаў на ЦТ па грамадазнаўстве і беларускай мове. Цяпер Станіслаў — студэнт журфака БДУ.

Што тычыцца апошніх нашых перамог, то хочацца адзначыць вучняў, якія выдатна паказалі сябе на інтэлектуальным тэлевізійным шоу “Я ведаю”. Гэта Марыя Юнке­віч, навучэнка 7 “Б” класа, якая выйшла ў фінал і заняла 2-е месца, і Дзяніс Песка, навучэнец 6 “У” класа, які заняў 3-е месца. Асаблівая падзяка педагогам, якія рыхтавалі і рыхтуюць паспяховых вучняў. У нас выдатны педагагічны калектыў, у якім працуюць сапраўдныя прафесіяналы.

У школе рэалізуюцца такія профільныя напрамкі, як фізіка-матэматычны, хіміка-біялагічны, філалагічны і грамадазнаўчы. Адкрыты кірунак прафесійнай падрыхтоўкі, дзе навучэнцы атрымліваюць прафесію аператар ЭВМ. У той жа час дзейнічаюць інтэграваныя класы. Дзеці з асаблівасцямі ў развіцці дапамагаюць выхоўваць чалавечнасць і гуманізм у астатніх вучнях. Хачу адзначыць, што ў нашай школе няма ніякіх бар’ераў. 

— Алег Аляксеевіч, падчас гутаркі вы не раз падкрэслілі, што поспех школы — у каманднай рабоце. Якая, на вашу думку, галоўная адметнасць эфектыўнага педагагічнага калектыву?

— Зладжанасць і згуртаванасць. Калі для таго, каб нешта правесці або арганізаваць, не трэба пісаць загад. Так, загады — неабходны дакумент, але ў нас ён но­сіць фармальны характар. Я падтрымліваю кожную ініцыятыву, калі яна абгрунтавана. Мы ўсё абмяркоўваем. І я вельмі ўдзячны сваім намеснікам, якім магу дэлегаваць любую справу. Намеснікі па вучэбнай рабоце Алена Васільеўна Ляўданская, Святлана Васільеўна Суханосік, Аксана Уладзіміраўна Кікун, намеснік па выхаваўчай рабоце Вольга Генадзьеўна Руцкая і намеснік па гаспадарчай частцы Валянціна Сяргееўна Пясецкая заўсёды на сувязі. Можна ска­заць, што сваё дырэктарства я дзялю з імі. Мы — каманда, што вельмі важна.

— А як падтрымліваеце педагагічны запал маладых настаўнікаў?

— Сваім стаўленнем да іх, паважлівым, а недзе і бацькоўскім. Для маладых педагогаў у нас працуе школа стажора, дзейнічае сістэма дапамогі больш вопытных калег, якія наведваюць іх урокі і даюць прафесійныя парады. Ніхто не застаецца сам-насам са сваімі праблемамі. Вучым усяму: і методыцы, і запаўненню журнала, і ўзаемадзеянню з бацькамі. Як вынік, нашы пачынаючыя педагогі становяцца паспяховымі ўдзельнікамі конкурсаў педагагічнага майстэрства. Ды і старэйшае пакаленне ўвесь час развіваецца, у тым ліку і праз конкурсны рух. Акрамя таго, мы праводзім дэкады адкрытых урокаў, дзе дэманструюцца ўсе метадычныя напрацоўкі, ідзе актыўны абмен вопытам.

— Вы строгі дырэктар?

— Хутчэй не. Канечне, здараюцца розныя сітуацыі, калі прыходзіцца праяўляць цвёрдасць і рашучасць, але голас не павышаю.

— Якія якасці для дырэктара з’яўляюцца вызначальнымі?

— Інтэлігентнасць, творчасць, камунікабельнасць, менеджарскія навыкі, уменне стратэгічна мысліць і генерыра­ваць ідэі, гаспадарлівасць. Не менш важным з’яўляецца і ўменне дараваць.

Для маладых педагогаў у нас працуе школа стажора, дзейнічае сістэма дапамогі больш вопытных калег, якія наведваюць іх урокі і даюць прафесійныя парады. Ніхто не застаецца сам-насам са сваімі праблемамі. Вучым усяму: і методыцы, і запаўненню журнала, і ўзаемадзеянню з бацькамі.

— У гэтым годзе кіраўнікі школ сутыкнуліся з вялікай колькасцю дакументаў. Як вы спраўляецеся?

— Абсалютна нармальна. Я вам гаварыў вышэй пра сваю каманду — у вырашэнні пытанняў з дакументамі на дапамогу прыходзяць мае намеснікі. Усё вырашаецца ў рабочым парадку, у руху.

— А якія дакументы ў вас заўсёды пад рукой?

— Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”, пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 22, дзе зацверджана Палажэнне аб парадку прызнання дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. На жаль, гэтае пытанне не знікае з парадку дня. Ніколі не забуду, калі першы раз пачуў, як маці адмаўляецца ад свайго дзіцяці. Гэта страшна і вельмі цяжка перажываецца.

— У колькі пачынаецца ваш працоўны дзень?

— Звычайна ў 7.00—7.30. Спачатку іду сустракаць дзяцей, каб павітацца і зразумець іх настрой. А яшчэ гэта выдатная магчымасць пазнаёміцца з тымі, з кім яшчэ не паспеў. Заўсёды раю маладым кіраўнікам менавіта так пачынаць свой дзень.

— А што яшчэ параіце?

— Найперш трэба пазнаёміцца з калектывам. І лепшы спосаб для гэтага — асабіста віншаваць кожнага з днём нараджэння. Прынамсі, я рабіў менавіта так. Гэта прыемна, карысна і спрыяе ўмацаванню каманднага духу. Важна наладзіць супрацоўніцтва з прафсаюзным актывам школы. Абавязкова ўдзельнічаць ва ўсіх школьных мерапрыемствах. Калі вяртацца да дакументаў, то пачынаць неабходна з наменклатуры спраў. Першы і самы важны дакумент для дырэктара — загад, таму складаць іх па правілах трэба вучыцца з першых дзён працы.

— Што ў планах?

— Працаваць далей у такім зладжаным і прафесійным калектыве. А калі больш канкрэтна, то хочацца завяршыць інавацыйны праект стварэннем дастойных прадуктаў, узгадаваць настаўнікаў-метадыстаў. І, безумоўна, даць пуцёўку ў жыццё кожнаму вучню.

— Поспехаў і дзякуй за размову.

Вольга ДУБОЎСКАЯ