Двойчы стабальніца і залатая медалістка Аліна Шамярэй

21.08.2023

«Мне дапамагла матывацыя - хацела вучыцца ў адным з лепшых універсітэтаў краіны»

Аліна Шамярэй – выпускніца сярэдняй школы № 3 г. Івацэвічы. Сертыфікат з максімальным балам на ЦЭ па рускай мове і аналагічны – па грамадазнаўстве, толькі ўжо на ЦТ, дазволілі ёй стаць студэнткай Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Дзяўчына выбрала для сябе спецыяльнасць «Правазнаўства» і пайшла па слядах бацькоў: і тата Аляксандр Уладзіміравіч, і мама Вікторыя Віктараўна маюць юрыдычную адукацыю. Як радаваліся яны поспеху дачкі! І іх радасць раздзялілі педагогі, для якіх поспех вучаніцы – гэта і іх асабісты поспех.

Прага да вучобы прачнулася ў Аліне не адразу. Сваім галоўным ворагам яна лічыць ляноту і ўспамінае, што ў малодшых класах ёй хацелася аднаго – даўжэй пагуляць на вуліцы, але бацькі не дазвалялі надта расслабіцца. А з цягам часу з’явілася жаданне развіваць свае здольнасці, захацелася атрымаць залаты медаль, стаць гонарам для сям’і і школы. Як гуманітарыю ёй было складана спраўляцца на выдатна з кантрольнымі па фізіцы і матэматыцы, даводзілася прыкладваць намаганні. Але настаўнікі былі заўжды гатовымі дапамагчы, і Аліна ім за гэта ўдзячная. І асабліва ўдзячная настаўніцы рускай мовы і літаратуры Іне Вільгельмаўне Міцкевіч, педагогу, чыё імя на слыху не толькі ў нашым раёне. Дзякуючы яе педагагічнаму таленту была закладзена база, якая стала залогам поспеху Аліны на цэнтралізаваным экзамене. Навіна пра тое, што прыйдзецца здаваць ЦЭ, які пройдзе раней за ЦТ, Аліну ўсхвалявала: здавалася, што не паспее падрыхтавацца як след. Аднак на рэпетыцыйным тэсціраванні па рускай мове дзяўчына паказала рэзультат у 98 балаў. Здавалася б, усё добра, але з’явілася адчуванне, што яна можа атрымаць і 100 балаў, прачнуўся азарт. І яна дадаткова прайшла анлайн-курс па рускай мове, займалася з таксама выдатным выкладчыкам з Мінска Соф’яй Луцэвіч.

Хвалявалася за блок са слоўнікавымі словамі – бывала, памылялася менавіта ў ім, але абышлося. У цэлым яна была ў сабе ўпэўнена, і 100 балаў на ЦЭ яе не надта здзівілі. Рыхтавацца да ЦТ па грамадазнаўстве пачала летам перад 11 класам, акрамя школьнай праграмы запісалася на гадавы анлайн-курс, выкладчык – Аляксандр Луцэвіч. – Мне вельмі спадабаўся курс. Многія гаварылі: анлайн – гэта не тое. Не пагаджуся. Займацца анлайн бывае больш эфектыўна, чым з педагогам, які побач. Не трэба нікуды ісці і спяшацца, ты дома, у камфортнай і звыклай абстаноўцы, у любой вопратцы – і ўсім усё роўна, – разважае Аліна. Тэсціраванне па грамадазнаўстве праходзіла ў Баранавічах. Так атрымалася, што дзяўчына на яго крыху спазнялася, нервавалася, але, дзякуй Богу, паспела. І сам тэст рашыла за мінут 15! Потым праверыла сябе, перапісала адказы ў бланк – і ўсё. Гэта быў самы лёгкі экзамен з трох (акрамя рускай мовы і грамадазнаўства здавала яшчэ ЦЭ па англійскай мове, набрала 81 бал). Аліна лічыць, што самастойна, без курсаў і дадатковых заняткаў, падрыхтавацца не змагла б, бо няўседлівая, і ёй патрэбны чалавек, які будзе яе кантраляваць, патрэбны дэдлайны. Але яна ведае людзей, якія самі добра падрыхтаваліся да іспытаў, – галоўнае жаданне. Тут ужо пытанне камфорту – як вам больш зручна рыхтавацца, так і лепш, лічыць субяседніца. Калі пачалася ўступная кампанія, гераіня публікацыі выбірала, куды адвезці дакументы, – у БДУ ці ў Акадэмію МУС, і ўсё ж спынілася на галоўным універсітэце краіны. Рызыкавала – конкурс быў вялікі, большы, чым у Акадэміі: прахадны бал – 375, Аліна набрала 378. Літаральна ўскочыла ў апошні вагон, і калі б не прайшла на бюджэт, давялося б вучыцца платна, што было б крыўдна пры такіх выдатных рэзультатах на іспытах. Залогам свайго поспеху лічыць матывацыю – ёй надта хацелася вучыцца менавіта ў БДУ. Успамінае, што падчас анлайн-падрыхтоўкі давалі столькі матэрыялу для вывучэння, што галава кругам, – па 20 старонак за раз. Даводзілася вучыцца па начах, але намаганні сябе апраўдалі. – Калі ты чагосьці вельмі хочаш, то зможаш знайсці і час, і магчымасці і падрыхтавацца як след, – кажа дзяўчына. – Усім выпускнікам наступных гадоў раю не хвалявацца і не звяртаць увагі на рэзультаты іншых. Я дык дапускала такую памылку, параўноўвала сябе не на сваю карысць. З іншага боку, гэта таксама матывавала, хацелася раўняцца на лепшых.

У вольны час Аліна глядзіць фільмы ці серыялы, чытае і малюе. У кіно аддае перавагу дэтэктывам, баевікам, прыгодніцкім фільмам. А ў літаратуры шануе класіку і зусім нядаўна перачытвала Дастаеўскага. І які твор, як вы думаеце? Бінга! «Злачынства і пакаранне». Хутка возьмецца за Агату Крысці. Упэўненая, што не засумуе і над кодэксамі, бо шчыра хоча паглыбляцца ў вывучэнне права. Зараз у жыцці Аліны пачынаецца новы этап – яна трошкі хвалюецца. Некалі не перайшла вучыцца ў ліцэй Івацэвіцкага раёна па дзвюм прычынам: не любіць мяняць абстаноўку і лічыць сваю школу не горшай за ліцэй. Але ж нежаданне выходзіць з зоны камфорту было прычынай нумар адзін, а з універсітэтам такое не спрацуе. Аліна жартуе: калі б быў 12 клас, яна пайшла б у яго з радасцю і жыла б дома, з бацькамі, з малодшым братам. Жыццё ў інтэрнаце, дзе яшчэ тры незнаёмыя чалавекі ў пакоі, гэта як выхад у адкрыты космас. Але ж мы з вамі, у мінулым студэнты, ведаем, які цудоўны час яе чакае, і гэты «космас» будзе ўспамінацца ўсё жыццё. З настальгіяй і асалодай я слухала аповед разумніцы-Аліны – у яе яшчэ ўсё наперадзе, і няхай там будзе паболей радасных падзей.

Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.