Незвычайная гісторыя

25.04.2020

 Амяляшчык Паліна, 4 "А” клас


Ластаўчыны вырай

Мае прабабуля Надзея і прадзед Федзя Петруковічы пражылі доўгае жыццё: нарадзілі пяцёра дзяцей, дачакаліся дзесяць унукаў, шаснаццаць праўнукаў. Яны прайшлі праз ваенныя гады, цудам засталіся жывымі, калі вёску Бабровічы палілі фашысты і загінула 676 мірных жыхароў. Потым  радаваліся жыццю, хоць адразу вельмі цяжкім яно было. Яны, мае родныя,  не страцілі пачуцця любові да ўсіх і ўсяго. Я бачыла і адчувала, што ўсіх любілі аднолькава сваёй бацькоўскай любоўю, а асаблівую ўвагу ўдзялялі нам, праўнукам. Прадзед памёр ў 2018 годзе. Нядаўна, у студзеньскія дні, мы развіталіся з прабабуляй Надзея (ёй было 88…), але я да драбніц успамінаю яе расказы, адчуваю сувязь з ёю, разумею яе моцнае жаданне, каб мы, яе малеча, раслі вялікімі і разумнымі. Пры сустрэчы яна старалася расказаць нам гісторыі пра колішняе жыццё-быццё, як яны жылі, чаму радаваліся і што засмучала іх.

Зараз прыгадалася наступнае:

– Слухай, унучачка, – так заўсёды звярталася яна да мяне. Ужо даўно гэта было, як жыла ў нас у падстрэшшы сям’я ластавак. Радаваліся мы яе прылёту з поўдня, назіралі, як рамантавалі яны сваё гняздо, як выводзілі птушанят, вучылі іх лётаць, а потым пакідалі гняздо. Ні адна сямейка вывела птушанят у гэтым гняздзе. Не давалі ў крыўду ластавак мы, жыхары дома.

Аднойчы выпалілі ў печы і пайшлі ўсе, дарослыя і дзеці, на агарод, які месціўся за вуліцай. Заставаўся ў сваім пакоі толькі прапрадзед Васіль, які потым выйшаў на двор займацца сваёй справай. Працавалі на полі і не  звярнулі адразу ўвагі на неспакойныя паводзіны ластавак. Адчулі небяспеку тады, калі яны ўсёй сямейкай прыляцелі да нас, кружыліся, ціўкалі, быццам бы прасілі дапамогі. А адна бойкая ластаўка адважылася і села мне проста на плячо. І тады я зразумела, што іхняя трывога нечым выклікана. “Штосьці, відаць, здарылася дома”, – ускрыкнула я, і з дзедам спехам пабеглі дадому.

І сапраўды. Пакоі былі задымлены…

 Спяшаючыся на працу, закрылі засаўку ў коміне. Галавешка моцна зачадзела, задыміла, дыму не было куды падацца. Фортка была прыадкрыта,  вось яго і пацягнула на вуліцу. А нашыя мудрыя птахі-выратавальнікі першыя адчулі небяспеку і далі нам сігнал. Убачыўшы дым, моцна перажывалі за бацьку. “Дзякуй Богу, усё абышлося,” – закончыла расказ бабуля.

З той пары прайшло многа-многа гадоў. І вось летась, калі мае бацькі фарбавалі дзедаў дом, пад самым вільчыкам ластаўкі рабілі новае кубло. Маім бацькам нічога не заставалася, як афарбоўку пад ветранкамі пакінуць на потым, каб птушка вывелася.

 Я, канечне, чакаю, калі ластаўкі вернуцца з выраю ў сваё гняздзечка, якое іх чакае…