ПРАЕКТ "СТУДЭНТ БДУ НА ТЫДЗЕНЬ"

08.11.2020

ПРАЕКТ "СТУДЭНТ БДУ НА ТЫДЗЕНЬ"‼ 

Частка 1.

2020 год. Кастрычнік. Набліжаўся канец першай чвэрці, я ўжо быў даволі стомлены ад падрыхтоўкі да цт і ўвогуле ад вучобы. У адзін з такіх дзён у гісторыі @viccrii ўбачыў тое, што пачынаецца набор выпускнікоў на праект (дарэчы, я і раней ведаў пра гэта, але мне проста не хапала ўпэўненасці і вопыту). "А чаму б і не?" - спытаў тады ў сябе.

Так, я амаль не маю публікацый, не валодаю ўменнем працаваць з мантажам і тэхнікай, мая дыкцыя жадае ўсім найлепшага жыцця. Да таго ж, бацькі не вельмі добра адносяцца да майго выбару (але я рады, што не забараняюць мне дарогу). Вось мне і спатрэбілася зразумець: маё гэта ці не. Спачатку вырашыў, што нікому не скажу, бо хацелася заставіць гэта ў таямніцы. І толькі тады, калі я прайду, распавесці на ўвесь свет.

З-за нагрузкі школе я ўсё адкладваў напісанне матывацыйнага ліста, а ў апошні дзень ужо некуды было ісці. Маё натхненне прыйшло толькі ў 4 гадзіны раніцы (яшчэ не студэнт, а ўжо сплю 2-3 гадзіны). Трэба было ўсяго ж напісаць адну старонку эсэ на тэму "Чаму я хачу стаць студэнтам БДУ на тыдзень?"

Напісаў сур’ёзна па фактам, без вялікіх гісторый і адступленняў. Здаў. *падачу працягнулі на дзень. А далей толькі цікавей....

На працягу некалькіх дзён я кожны час правяраў паведамленні, групы, гісторыі людзей, але не было нічога. Як памятаю, у аўторак, адразу пасля рэпетытара мне піша @d_peslya са словамі: "На жаль, твая заяўка не была абраная для ўдзелу ў вучэбным тыдні".

Я трошкі засумаваў, але адразу заспакоіўся, бо ішоў дадому спаць. Хто ж ведаў, што пасля гэтага простага адпачынку маё жыццё зменіцца? І вось я прачынаюся ўжо са словамі: "Мы цябе віншуем! Ты прайшоў у другі адборачны этап праекта". [Потым аказалася, што арганізатары проста пажартавалі. Смешна].

На другім этапе трэба было напісаць інтэрв'ю з любым цікавым чалавекам. І зноў я адкладваў на апошні момант. Так адклаў, што ў маім доме не засталося камп’ютара (бацьку трэба было на работу). Тут я пачынаю дзякаваць сваім сябрам, якія выратавалі мяне ў гэты момант. Адразу вырашыў, што буду пісаць інтэрв'ю з Домрачавай, бо ўсё сваё свядомае жыццё любіў біятлон.

ПРАЕКТ "СТУДЭНТ БДУ НА ТЫДЗЕНЬ"‼️

Частка 2. Добра, прайшоў. А дзе ж ты жыць будзеш, зорачка? Сябры з Мінска адмовіліся, родзічаў амаль няма, застаецца только здымаць кватэру. І толькі дзякуючы бацькам мне ўдалося жыць у сталіцы некаторы час.  Цяпер самае галоўнае - мае мэты на тыдзень:

✔ Удакладніць спецыяльнасць абранай прафесіі.
✔ Навучыцца чаму-небудзь.
✔ Пазнаёміцца са студэнтамі, выкладчыкамі і атрымаць нейкія сувязі ва ўніверсітэце.
✔ Не заблытацца ў калідорах журфака (не выканана).
✔ Паесці ў знакамітай сталоўцы.
✔ Метро, вуліцы, плошчы Мінска.

Усё гэта было перавыканана з цудоўным адчуваннем цеплыні і шчасця. А што з аднагрупнікамі і куратарамі? Прызнаюся, што і тых, і другіх я баяўся. Калі ўпершыню ўбачыў іх у групе, то ўсе паказаліся мне суперталенавітымі людзьмі з завышанай самаадзнакай. Думаў, што вельмі цяжка будзе знайсці з імі кантакт.

У выніку, яны сур’ёзна аказаліся крутымі, і мы адразу сталі адной камандай. Кожны з іх асабісты брыльянт, які блішчыць праменнямі творчасці і матываванасці. Яны проста не даюць табе расслабіцца падчас пар. Адразу спытаў у сябе: "Што я такі пасрэдны тут раблю?" Але на гэтае пытанне мне дапамаглі адказаць менавіта куратары, нашыя любімыя "мамачкі":

"Ніхто з вас не можа быць звычайным, бо вы ўжо ўнікальны тым, што прайшлі на гэты праект. Выпадковасці не выпадковы!!"

Часцей за ўсё ім трэба было ісці на другую смену, але, дзякуючы нам, яны прыходзілі раніцай, каб правесці і дапамагчы бедным абітурыентам. І мы не маглі не аддзячыць нашым любімым за іх валанцёрскую працу з намі (ніякіх "бонусаў" яны не атрымалі).

Апошняе відэа з вашай рэакцыяй на падарункі я пераглядаю ўжо некалькі разоў. Універсітэт мяне здзівіў свабодай дзеянняў, бо на парах можна піць кофе (сімвал журфака), есці, спакойна выйсці з аўдыторыі, спаць (ну, гэтага я вам не гаварыў).

Хочацца падзякаваць і студэнтам, якія дапамагалі нам спазнаць жыццё факультэта. Самі пары былі розныя: дзесьці мы актыўна ўдзельнічалі ў працэсе працы, а дзесьці не. Але я пераканаўся, што ўсе выкладчыкі тут - гэта прафесіяналы сваёй працы.

Станіслаў Ратахін, 11 "Б" клас