“Пагавары са мной на мове, на нашай роднай, не чужой”

03.02.2021

Сто разоў шукай другой красы,

А тым больш што свет даўно не вузкі!

…Ды калі ты не бязродны сын -

Гавары са мной па-беларуску!

 Яўгенія Янішчыц.

Мова – душа народа, яго галоўны скарб. Трэба вывучаць мову, спазнаваць яе, шанаваць і берагчы.

2 лютага 2021 года падчас Тыдня беларускай мовы і літаратуры сярод вучняў 8 і 9 класаў была праведзена інтэрактыўная гульня “Размаўляем і спяваем па-беларуску”. Удзел бралі дзве каманды – “Валошкі” і “Званочкі”. Гульня садзейнічала развіццю інтэлектуальных здольнасцей вучняў і ўменню працаваць у групе. Кожны мог паспрабаваць сябе ў ролі лінгвіста.

ФОТОАЛЬБОМ

Да мерапрыемства вучаніцамі 8 Б класа Брыль Анастасіяй і Паўловіч Аляксандрай быў падрыхтаваны відэаролік “Пагавары са мной на мове, на нашай роднай, не чужой”.

 

Настаўнікі і вучні школы разважалі, чаму многія размаўляюць па-руску,  цытавалі ўрыўкі з твораў беларускіх паэтаў.

Гульня складалася з 5 этапаў: “Прыгадваем”, “Перакладаем”, “Тлумачым”, “Ужываем”, “Цытуем”. Удзельнікі шукалі адказы на слайд-пытанні, перакладалі словы, словазлучэнні і сказы з рускай мовы на беларускую, тлумачылі лексічнае значэнне слоў, прыгадвалі фразеалагізмы і тлумачылі іх сэнс, працягвалі цытаты . У выніку перамагла каманда “Валошкі”. 

Падчас мерапрыемства гучала музыка. Падаляка Паліна, вучаніца 8 “Б” класа, выканала песню “Слуцкія ткачыхі” на словы Максіма Багдановіча.

З добрым настроем вучні пакідалі гэтае маленькае свята. Было прыемна чуць, што гульня ім спадабалася і што яны будуць старанна вывучаць беларускую мову, часцей размаўляць і спяваць па-беларуску.

                Давайце не цурацца нашай мовы,

                Заўжды на мове роднай размаўляць,

                Бо хіба ёсць пяшчотней што, чым словы,

                Якія з вуснаў матчыных гучаць.

                         Г.А. Паляшчук, настаўнік  беларускай мовы і літаратуры.