

Бізнес па-школьнаму
Новае пакаленне прадпрымальнае і мабільнае, але і сучасныя педагогі не адстаюць, аб чым сведчыць вялікая колькасць бізнес-кампаній, што паспяхова рэалізуюцца ў школах.
Прыклад адной з іх — бізнес-кампанія “Вернісаж” сярэдняй школы №3 Івацэвіч. Яе кіраўнік Ірына Мікалаеўна Худзінская расказвае:
- Адзінаццаць гадоў таму дырэктар навучальнай установы Алег Аляксеевіч Кузьмін прапанаваў: “А давайце паспрабуем арганізаваць сваю школьную бізнес-кампанію”.
На той момант у раёне не было ні воднага падобнага праекту. Пачынаць было страшна, хаця на той момант І.М. Худзінская ўжо была дасведчаным прадпрымальнікам.
- Сама я ўжо больш за 20 гадоў сумяшчаю работу ў школе і кіраўніцтва ўласным магазінам. Гэта сямейная справа, якая перайшла мне “ў спадчыну” ад бацькоў, калі яны вырашылі адыйсці ад спраў і адпачыць на пенсіі. Мама з татам з дзяцінства вучылі мяне, як расстаўляць тавары, працаваць за касай, весці ўлік фінансаў. Але калі надыйшоў час адкрываць школьную бізнес-кампанію, усё прыйшлося пачынаць з нуля.
Мы з калегамі адчувалі сябе першапраходцамі. Было вырашана працаваць з выпускнымі класамі, арганізаваць факультатыў па фінансавай граматнасці і прыцягнуць у бізнес-кампанію рабят, якія жадаюць атрымаць эканамічную спецыяльнасць: пазнаёміць іх з асновамі прадпрымальніцтва, бізнес-працэсамі, сістэмай крэдытавання і падаткаабкладання. А заадно даць практычныя веды, каб у будучым яны не баяліся пачынаць уласную справу, не пасавалі перад працай з дакументацыяй. Самым складаным для нас, напэўна, было ўпэўніць дзяцей у неабходнасці факультатыва. Бо старшакласнікі мэтанакіравана падцягваюць прадметы, якія спатрэбяцца ім на ўступных іспытах, на іншае ім часта банальна не хапае часу. Я стараюся растлумачыць патэнцыяльным “навабранцам”, што іх жыццё не будзе ўсыпана толькі ружамі, і хоць не ўсе яны будуць працаваць у гандлёвай сферы ці весці ўласны бізнес, аднак плаціць падаткі, вырашаць кадравыя пытанні і знаёміцца з сістэмай крэдытавання аднойчы давядзецца ўсім, - расказвае Ірына Мікалаеўна.
Спачатку школьная бізнес-кампанія налічвала ўсяго 5 чалавек, а зараз яна ператварылася ў паўнавартаснае аб’яднанне па інтарэсах з уласным стылем і прадукцыяй. Лекцыі навучэнцам часта чытаюць прадстаўнікі “Беларусбанка”, яны ж дапамагаюць ім рашаць алімпіядныя задачы.
- Штогод мы ўдзельнічаем у алімпіядах па фінансавай граматнасці, на якіх часта прапаноўваюцца інтрыгуючыя і мудрагелістыя задачкі, — тлумачыць педагог. — Калі мы адчуваем патрэбу ў дапамозе, нярэдка звяртаемся да старых знаёмых, каб яны дапамаглі, напрыклад, правільна разлічыць працэнт стаўкі па крэдыту.
Усе, хто знаёмы з дзейнасцю школьных бізнес-кампаній, ведаюць: пасады, якія займаюць навучэнцы, звычайна ўнушаюць трапятанне адным сваім гучаннем. Прэзідэнт кампаніі, кіраўнік маркетынгавага аддзела, кіраўнік вытворчага адзела, кіраўнік фінансавага аддзела, менеджар па продажах, праграміст, дызайнер – менавіта так выглядае арганізацыйная стуктура “Вернісажу”. Настаўнік тут выступае ў ролі кансультанта. Спачатку кансультанта было тры, але з цягам часу Ірына Мікалаеўна стала адзіным анёлам-ахоўнікам школьнай бізнес-кампаніі.
Што да ўласна вытворчасці, то ў “Вернісажы” засяродзіліся на выпуску паліграфіі — календароў, бэйджаў, закладак для кніг... Дзеці самі прадумваюць дызайн прадукцыі, падлічваюць колькасць заказаў, рэкламуюць і рэалізуюць гатовыя канцтавары сярод школьнікаў.
— Асаблівым попытам у навучэнцаў і настаўнікаў карыстаюцца настольныя календары, можна сказаць, што яны з'яўляюцца візітоўкай нашай школьнай бізнес-кампаніі. Акрамя гэтага, мы робім закладкі для кніг рознай тэматыкі. Гэта можа быць як закладка інфармацыйнага характару, напрыклад, мы рабілі “шпаргалку” з нормамі правапісу па беларускай мове для вучняў малодшых класаў, так і спецзаказ. Калі настаўнікі рускай мовы збіраліся на семінар, яны прасілі нас падрыхтаваць прыгожыя закладкі з партрэтамі і цытатамі вядомых пісьменнікаў – каб падарыць калегам з іншых школ. Часта мы размяшчаем на нашай прадукцыі фатаграфіі навучэнцаў: прайшло школьнае мерапрыемства, здымкаў шмат, трэба нешта пакінуць у памяці… І тут панесліся ідэі, фантазіі, дызайны, варыянты – такая прадукцыя заўсёды карыстаецца вялікім попытам і разыходзіцца, як гарачыя піражкі, — дзеліцца Ірына Мікалаеўна. — А ў мінулым навучальным годзе “Вернісаж” засвоіў новы від вытворчасці — акрылавыя сувеніры. Гэта магніты на школьную тэматыку, напрыклад, з гербам ці фота школы, здымкамі навучэнцаў, лімітаваныя святочныя калекцыі да Дня святога Валянціна ці Масленіцы.
Падчас працы ў бізнес-кампаніі рабяты на практыцы могуць ўпэўніцца ў справядлівасці выраза “грошы павінны працаваць”. Амаль увесь прыбытак ідзе ў абарот, на закуп “сыравіны” для вытворчасці і пагашэнне абавязкаў па векселям перад крэдыторам (школьнай бібліятэкай) . Навучэнцы павінны ўлічыць усё да маленькай дробязі – ад цэн на паперу да кошту электраэнергіі і платы за карыстанне ламінатарам.
Аб тым, наколькі яе ўрокі робяцца каштоўнымі для школьнікаў, Ірына Мікалаеўна сціпла маўчыць. Аднак заўважае, што многія выпускнікі “Вернісажу” сталі прадпрымальнікамі і адкрылі свой бізнес.
- Некалькі хлопцаў адкрылі барбер-шопы у Мінску, некаторыя трымаюць інтэрнет-магазіны, парыкмахерскія, маюць ІП. Яны часта прыходзяць да мяне за парадай, кансультуюцца, якія дакументы сабраць, які падатак заплаціць, куды звярнуцца. Вядома, мне прыемна, што мае ўрокі не прайшлі дарэмна, што рабяты навучыліся браць на сябе адказнасць за ўласнае жыццё. Я часта кажу дзецям: у жыцці заўсёды штосьці выігрываеш, а штосьці губляеш. Ніколі не трэба азірацца назад — мінулага ўсё роўна не змяніць. Старайцеся вучыцца на памылках і ісці наперад.
Віталіна НЕСЦЯРОВІЧ.
Фота з архіва І.М. Худзінскай.
вставкі
Я часта кажу дзецям, што ў жыцці заўсёды штосьці выігрываеш, а штосьці губляеш. Ніколі не трэба азірацца назад — мінулага ўсё роўна не змяніць. Старайцеся вучыцца на памылках і ісці наперад.
Усе мы з'яўляемся часткай каманды, дзе вучань бярэ на сябе ініцыятыву, а не едзе на спінах іншых. Для нас самае галоўнае — сабрацца разам, трымацца разам, працаваць разам. Гэта і ёсць сакрэт поспеху нашага праекту.
свернуть